Яна памятае Буйніцкага: гіганцкая чарэшня ў Празароках будзе ўзятая на ўлік векавых дрэваў і насаджэнняў.
Ля дома па вуліцы Полацкая, 13 стаіць вялікае дрэва… Каб была бяроза, ці ясень, прайшоў бы міма. Бачыў у старых шляхецкіх парках і не такія гіганты.
Няўжо гэта — неімаверна гіганцкая чарэшня! Не можа быць! Так, так! Чарэшня! Каб мне яе ўзяць у абдым, то — трэба двойчы! Любы садавод-аматар не зблытае вішню з чарэшняй. Лісце ў чарэшні (у залежнасці ад гатунку) ў два разы даўжэйшае, чым ў вішні, а па шырыні чарашнёвае лісце роўнае вішнёваму па даўжыні, яно і святлейшае, чым у вішні.
У вёсцы Барыскавічы, што на паўдарозе з Глыбокага да Празарокаў, стаіць колішні сядзібны дом пана Дабашынскага. Там таксама растуць дзве вялікія чарэшні. Знайшоў іх і на здымках 1905 года. Гадоў 5-7, як іх пасадзілі. То бок ім цяпер пад 120 гадоў! А які ж век празароцкай чарэшні, калі яна ў раза паўтара шырэйшая ў ствале? 130? А мо і 150 гадоў?
Даведка
Віцебскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя разгледзеў Ваш зварот аб чарэшні ў в. Празарокі Глыбоцкага раёна і паведамляе наступнае.
Глыбоцкай раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя было ўстаноўлена, што дрэва расце каля дома па адрасе: Глыбоцкі раён в.Празарокі, вул.Полацкая, 13. Плошча вырастання — 0,25 га. Абхват ствала складае 176 см. Землекарыстальнікам участка з’яўляецца ДЛГУ «Дзісненскі лясгас».
Уладзімір Скрабатун, фота аўтара
http://nn.by/?c=ar&i=179118