Касьцёл сьв. Юры ў в. Крамяніца

  Вёска Крамяніца вядомая ад другой паловы XV ст. Ад пачатку XVII ст. згадваецца ў летапісах як мястэчка.

  Касьцёл пад тытулам Божага Цела і св. Юрыя Мучаніка быў узведзены на паўночнай ускраіне вёскі ў 1617–20 гадах паводле фундацыі віцебскага кашталяна Мікалая Вольскага і яго жонкі Барбары ў стылі рэнесансу як святыня кляштара рэгулярных латэранскіх канонікаў. Сын Вольскіх, Казімір, пакаёвы каралеўскі дваранін, працягнуў будаўніцтва кляштара (скончыў жылы корпус) і павялічыў фундуш (ахвяраваў манахам вёску Кватары).

Kramyanitsa._Kastsyol_sa_zvanitsaj

  У канцы XVIII ст. прыбудаваны бабінец у стылі класіцызму.

  Пры кляштары дзейнічаў шпіталь, бібліятэка, а з 1829 таксама школа-студыя, дзе выкладалася маральная тэалогія. Мураваны кляштарны корпус стаяў перад касцёлам, выглядаў як рэнесансавы палац – прамавугольны ў пляне двухпавярховы будынак пад высокім чатырохсхільным дахам з вуглавымі шасьціграннымі алькежамі. У брацкім корпусе жыло 8 братоў.

  Кляштар канонікаў быў скасаваны ў 1832 годзе, будынкі перададзены ваеннаму ведамству, касьцёл стаў парафіяльным. Пасля паўстаньня 1863 года быў зачынены і касьцёл, але ненадоўга.

  Касьцёл быў рэстаўрыраваны ў 1929 годзе. Перад II Сусьветнай вайной колькасьць вернікаў крамяніцкай парафіі складала амаль 10000 чалавек. У будынку былога брацкага корпуса ў міжваеннае дваццацігодзьдзе зьмяшчаўся ўрад гміны; у 1940-я гады будынак быў зьнішчаны.

kostel0824_d173
  З 1970-х гадоў касьцёл мае статус помніка архітэктуры рэспубліканскага значэньня. Ад кляштарных пабудоў захаваліся толькі будынак былой кляштарнай школы (зараз дзейнічае як вясковая школа) і барокавая званіца. Касьцёльны ўчастак абнесены высокай бутавай агароджай, уваход ад вёскі пазначаны высокай двух’яруснай брамай-званіцай.

kostel0734_d173

  Побач з касьцёлам на вясковых могілках месьціцца капліца св. Роха, пабудаваная ў 1882 годзе. Гэта васьмігранная ратонда з бутавага каменю пад шатровым бляшаным дахам з глаўкай. Адлівы вокнаў выкананыя з хвалістай чарапіцы. Невялікі звон змешчаны на металічнай кансолі пры ўваходзе ў святыню.

Гісторыю даслаў Кубракоў Аляксей