Асіметрычны касцёл у вёсцы Солы Смаргонскі раён. Касцёл Маці Божай Ружанцовай пабудаваны за “польскім часам” у стыле мадэрн.

У вёсцы Солы Смаргонскага раёна размешчаны адзін з самых незвычайных і прыгожых касцёлаў Беларусі – касцёл Маці Божай Ружанцовай. Звонку ён асіметрычны і вельмі грацыёзны, а ўнутры ён распісаны фрэскамі.
Касцёл быў пабудаваны ў 1926-34 гадах па праекце архітэктара Дубановіча на сродкі прыхаджан, а гэта больш чым паўмільёна злотых, на той час гэта былі значныя сродкі.
Будынак храма ў стыле мадэрн ўражвае сваёй асіметрычнай формай. У інтэр’еры храма вылучаецца алтарны абраз Маці Божай Чэнстахоўскай. Але самым цікавым элементам аздаблення касцёла з’яўляюцца фрэскавыя роспісы. На адным з іх намалявана абарона Яснагорскага манастыра ў Чэнстахове ў 1655 годзе падчас ўварвання шведаў на тэрыторыю Рэчы Паспалітай, а на другім “Цуда над Віслай” – вырашальная бітва пад час савецка-польскай вайны 1919-1921 гадоў.
Менавіта ў Солах напрыканцы 1917 года была падпісана дамова аб перамір’і з немцамі, якая праз дзесяць дзён была парафіявана ў Брэсце, што пазней прывяло да сумнавядомага Брэсцкага міру.